Раздзел 3. Лексікаграфія
Лексікаграфія (ад грэч. ад грэч. lexicos які адносіцца да слова, грэч. graphō пішу) – раздзел мовазнаўства, які займаецца тэорыяй і практыкай складання слоўнікаў розных тыпаў. Гэтая навука мае практычнае прымяненне. Слоўнікі неабходныя для вывучэння роднай і замежных моў, для павышэння культуры вуснай і пісьмовай мовы народа ў цэлым і для паглыблення інтэлекту асобнага чалавека. Узровень развіцця пэўнай мовы і культурны ўзровень нацыі часта ацэньваюць менавіта па колькасці выдадзеных слоўнікаў.
Адрозніваюць тэарэтычную і практычную лексікаграфію. Тэарэтычная лексікаграфія распрацоўвае агульную тэорыю слоўнікаў: акрэслівае прынцыпы адбору лексікі, размяшчэнне слоў і слоўнікавых артыкулаў, структуру слоўнікавага артыкула. Практычная лексікаграфія забяспечвае навучанне мове (роднай і замежнай), апісвае і нарміруе родную мову, сістэматызуе лексічны матэрыял. Для сучаснай лексікаграфіі характэрныя: разуменне лексікі як сістэмы; дыялектычны погляд на значэнне слова (яго зменлівасць, адсутнасць выразных межаў паміж значэннямі полісемантычнага слова і т.д.); прызнанне цеснай сувязі лексікі з граматыкай. Складанне слоўнікаў як асобны жанр навуковай працы мае пэўныя метадалагічныя асновы, на якіх яно грунтуецца. Такім чынам, можна вылучыць наступныя асноўныя прынцыпы лексікаграфічнага апісання.
- Пераемнасць лексікаграфічных работ. Любыя слоўнікі пры апісанні пэўнага матэрыялу абапіраюцца на ўжо існуючыя лексікаграфічныя традыцыі. Адпаведна, кожны новы слоўнік з'яўляецца крыніцай для далейшай даследчай працы.
- Прызнанне зменлівасці моўных нормаў. Ствараючы слоўнік або карыстаючыся ім, неабходна ўлічваць той факт, што з часам лексічныя, граматычныя і арфаэпічныя нормы паддаюцца карэкцыі ці змяняюцца зусім. Гэтаму можа спрыяць шэраг магчымых як моўных (напрыклад, старэнне адных і актуалізацыя іншых слоў), так і пазамоўных (палітычныя і эканамічныя змены) фактараў.
- Прагматычная прадвызначанасць. Складанне слоўніка хоць і з'яўляецца творчым заняткам, аднак яно павінна адказваць на грамадскі запыт.
- Роля суб'ектыўнага фактару. Культурнымі помнікамі лічацца працы выдатных лексікографаў розных народаў, якія ўклалі ў створаныя імі слоўнікі свой талент і тытанічную працу, напрыклад, беларусаў Лаўрэнція Зізанія, Францыска Скарыны, расіяніна Сяргея Ожагова, старажытнагрэцкага лексікографа Арыёна, і інш.
В.К. Шчэрбін адзначае: “Шматлікія і разнастайныя слоўнікі і энцыклапедыі з'яўляюцца на сённяшні дзень адным з найбольш універсальных спосабаў захоўвання назапашаных чалавецтвам ведаў. У розных народаў шлях ад з'яўлення першых рукапісных слоўнічкаў да распрацоўкі сучасных шматтомных дру каваных слоўнікаў i машынных тэзаўрусаў складваўся па-свойму. Беларускія лексікографы вылучаюць 3 перыяды ў развіцці слоўнікавай справы на Беларусі: даслоўнікавы перыяд, ранні слоўнікавы перыяд і перыяд развітой лексікаграфіі.
У першы перыяд (13-15 ст.) былі выпрацаваны толькі асобныя элементы будучых слоўнікаў. Так сталася, што ў адрозненне ад большасці еўрапейскіх краін, дзе функцыі канфесійнай мовы выконвала латынь, асноўным сродкам пашырэння хрысціянства (а з ім і пісьменства) на ўсходнеславянскім моўным абшары была стараславянская (царкоўнаславянская) кніжна-пісьмовая мова. Нягледзячы на значную блізкасць стараславянскай і старабеларускай моў, не ўсе царкоўнаславянскія словы былі зразумелыя нашым продкам. Таму на палях i непасрэдна ў тэксце кніг перапісчыкі і выдаўцы змяшчалі глосы – пераклады ці апісальныя тлумачэнні сродкамі роднай мовы незразумелых слоў. Значнае пашырэнне сярод усходнеславянскіх кніжнікаў набылі глосы, створаныя Ф. Скарынам, B. Цяпінскім, Сімяонам Полацкім і інш. Такім чынам, асноўнай функцыяй даслоўнікавага перыяду было тлума чэнне незразумелых слоў з дапамогай глосаў.
Наступны перыяд пачынаецца тады, калі назапашаныя шматвяковай практыкай перапісвання кніг шматлікія глосы будуць дзеля зручнасці сабраны ў спецыяльныя рукапісныя зборнікі (гласарыі), якія называліся ў той час лексіконамі, лексісамі і інш. Гісторыя захавала звесткі пра рукапісны «Лексікон» С. Буднага, падрыхтаваны паміж 1560-1593 гг., пра «Лексіс з талкаваннем славенскіх моў проста», пра рукапісны слоўнічак, змешчаны ў супрасльскім «Ізмарагдзе» (1593) Івана Праскуры, і іншыя гласарыі. Гэтыя невялікія рукапісныя зборнікі падрыхтавалі глебу для з'яўлення першых друкаваных слоўнікаў. У 1596 г. як дадатак да выдадзенай у Вільні царкоўнаславянскай граматыкі быў надрукаваны «Лексіс» ЛаўрэнціяЗізанія. Гэта быў першы друкаваны слоўнік усходніх славян. Усяго ў слоўніку Л. Зізанія 1061 слова. Яшчэ паўнейшы «Лексікон славенароскі», выдадзены ў 1627 г. П. Бярындам. Рэестр гэтага слоўніка налічвае 6982 словы.
Акрамя «Лексіса» Л. Зізанія і «Лексікона» П. Бярынды, усходнім славянам былі вядомы многія іншыя слоўнікі таго часу – «Сіноніма славена-роская» (гл. «Сіноніма славенароская»), «Лексеконъ вкротцъ албо ръчникъ выборних речей к словенщизнъ закритыхъ» (1660), рукапісны беларуска-лацінска-польскі слоўнік, які паслужыў крыніцай для маскоўскага «Лексикона треязычного…» (1704) Ф. П. Палікарпава-Арлова, польска-лацінска-грэчаскі слоўнік (1621) Г. Кнапскага, у складзе якога шмат беларускай лексікі, шматмоўныя «Номенкляторы (лексиконы)» (1700) I. Ф. Капіеўскага, «Лексікон» (1722) невядомага аўтара і інш. Выданні 16–18 ст. сведчаць аб наяўнасці распрацаваных лексікаграфічных традыцый у тагачасных усходнеславянскіх народаў. На жаль, гэтыя традыцыі беларускага і ўкраінскага народаў былі прымусова спынены ў пачатку 18 ст. ўвыніку інтэнсіўнай паланізацыі. Іх адраджэнне пачалося толькі ў 19 ст. на зусім іншым лексічным матэрыяле і ў іншых сацыяльных умовах.
Беларускія слоўнікі 19 ст. працягвалі выконваць функцыю ранняга слоўнікавага перыяду – вывучэння нацыянальнай мовы. Менавіта гэтым абумоўлена з'яўленне дыялектных слоўнікаў К. Ф. Калайдовіча, Ф.С. Шымкевіча, Я. Чачота, С. П. Мікуцкага, Е. Р. Раманава, П. В. Шэйна і інш., а таксама гістарычных I. I. Грыгаровіча, I. I. Навіцкага, М. I. Гарбачэўскага, I. I. Насовіча і інш. Нарэшце, выданне лепшага беларускага слоўніка 19 ст.– «Слоўніка беларускай мовы» I. I. Насовіча (гл. «Слоўнік беларускай мовы» I. Насовіча), які ўвабраў больш за 30 тыс. мясцовых слоў, годна завяршыла гэты перыяд. Наяўнасць у слоўніку I.I. Насовіча нарматыўнага, стылістычнага і шэрагу граматычных параметраў дазваляе сцвярджаць, што гэта праца паклала пачатак перыяду развітай лексікаграфіі на Беларусі, асноўнай функцыяй якога з'яўляецца нармалізацыя і кадыфікацыя слоўнікавага складу нацыянальнай мовы, павышэнне моўнай культуры яе носьбітаў. У канцы 19 – пачатку 20 ст. з'яўляецца шэраг слоўнікаў, у якіх беларуская мова апісваецца з пункту гледжання тэрытарыяльнай, часавай і сацыяльнай дыферэнцыяцыі яе слоўнікавага складу.
Так, вывучэнню рэгіянальнай лексікі Віцебшчыны прысвечаны дыялектныя слоўнікі (1890, 1892, 1895, 1911) М. Я. Нікіфароўскага. Паходжанне беларускіх тапонімаў асвятляецца ў слоўніку Ю. Трусмана «Этымалогія мясцовых назваў Віцебскай губерні» (1897). Больш за 700 рэестравых слоў налічвае слоўнік мовы беларускага фальклору, змешчаны ў кнізе С. Малевіча «Беларускія народныя песні» (1907). Першым слоўнікам аўтарскай мовы з'явіўся рукапісны «Слоўнік мовы Скарыны» (1890) П. У. Уладзімірава (у 1977-84 выйшаў двухтомны «Слоўнік-мовы Скарыны» У. В. Анічэнкі) .
Апісаннем сацыяльных жаргонаў і ўмоўных моў на Беларусі сталі слоўнікі Е. Р. Раманава (1890, 1890, 1901, 1912), у якіх падаецца лексіка дрыбінскіх шапавалаў, мінскіх і магілёўскіх жабракоў, «Руска-жабрацкі слоўнік» (1881) Ф. Сцяпуры. Своеасаблівым зводам беларускай аргатычнай лексікі можна лічыць «Слоўнік жабрачае гаворкі на Белай Русі» (1886) A. Ельскага. Трэба нагадаць і «Слоўнік дзіцячай мовы беларусаў» A. К. Сержпутоўскага, які быў перададзены аўтарам акадэміку A. А. Шахматаву, але застаўся ненадрукаваны.
Слоўнікавая праца на Беларусі актывізавалася пасля стварэння БССР і абвяшчэння беларускай мовы дзяржаўнай. На працягу 20-х гадоў было выдадзена каля сотні перакладных, тэрміналагічных, дыялектных і іншых слоўнікаў роднай мовы. Сярод іх такія грунтоўныя лексікаграфічныя выданні, як «Практычны расійска-беларускі слоўнік» (1924; 2 выд. 1926) М. Я. Байкова і М. I. Гарэцкага, «Беларуска-расійскі слоўнік» (1925) і 24 слоўнікавыя выпускі «Беларускай навуковай тэрміналогіі» (1922-30), «Віцебскі краёвы слоўнік» (1927) М. I. Каспяровіча, «Краёвы слоўнік Чэрвеньшчыны» (1929) М. В. Шатэрніка і інш. Актыўна збіраліся словы мясцовых гаворак, распісваліся літаратурныя творы, стваралася навуковая тэрміналогія, што павінна было служыць падставай для выдання шматтомнага тлумачальнага слоўніка жывой беларускай мовы.
На жаль, сталінскія рэпрэсіі супраць беларускага народа вынішчылі амаль усіх айчынных мовазнаўцаў.
У выніку развіццё беларускай лексікаграфіі фактычна было спынена.
Толькі ў канцы 50-х гадоў слоўнікавая праца ў Беларусі паступова актывізавалася. Выходзяць з друку «Руска-беларускі слоўнік» (1953) пад рэдакцыяй Я. Коласа, К. Крапівы і П. Глебкі і «Беларуска-рускі слоўнік» (1962) пад рэдакцыяй К. Крапівы, дыялектныя слоўнікі (вып. 1-3, 1959-70) Ф. М. Янкоўскага, «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» (гл. «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы»), «Краёвы слоўнік усходняй Магілёўшчыны» (1970) I. К. Бялькевіча, «Слоўнік лінгвістычных тэрмінаў» (1962) А. Л. Юрэвіча і іншыя лексікаграфічныя працы. У 60-я гады была распачата падрыхтоўчая праца па стварэнні слоўнікавых картатэк, на аснове якіх пазней былі выдадзены такія шматтомныя і грунтоўна распрацаваныя лексікаграфічныя даведнікі, як Беларуская Савецкая Энцыклапедыя, «Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча» (т. 1-5, 1979-86), «Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі», «Этымалагічны слоўнік беларускай мовы», «Гістарычны слоўнік беларускай мовы», «Тураўскі слоўнік» (т. 1-5, 1982-87) і інш.
Пералічаныя выданні склалі своеасаблівае ядро той сістэмы слоўнікаў, якая звычайна ствараецца для апісання і нармалізацыі лексічнага складу развітай літаратурнай мовы. У межах існуючай сістэмы слоўнікаў трэба назваць і такія спецыялізаваныя лексікаграфічныя даведнікі, як «Беларуская антрапанімія» (ч. 1-3, 1966--82) M. B. Бірылы, «Руска-беларускі слоўнік грамадска-палітычнай тэрміналогіі» (1970), «Марфемны слоўнік беларускай мо-вы» (1975; 2 выд. 1989) А. М. Бардовіча i Л. М. Шакуна, «Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў» (1976; 2 выд. 1993) М. Қ. Қлышкі, «Частотны слоўнік беларускай мовы» (вып. 1 -4, 1976-89) Н. С. Мажэйкі і А. Я. Супруна, «Украінска-беларускі слоўнік» (1980) В. П. Лемцюговай, «Асацыятыўны слоўнік беларускай мовы» (1981) A. I. Цітовай, «Беларуска-рускі паралексічны слоўнік-даведнік» (1985) пад рэдакцыяй А. Я. Міхневіча, «Слоўнік цяжкасцей беларускай мовы» (1987) Г. У. Арашонкавай B. П. Лемцюговай, «Слоўнік эпітэтаў беларускай літаратурнай мовы» (1988) М. П. Пазнякова і многія іншыя” [3, с. 394–396].
Л.А. Акаловіч адзначае, што “паводле адбору слоў, мэт і спосабаў іх апісання ўсе слоўнікі падзяляюцца на два тыпы – энцыклапедычныя і лінгвістычныя.
У энцыклапедычных (грэч. enkyklopaideia – кола ведаў) слоўніках (энцыклапедыях) даюцца навуковыя звесткі пра гісторыю, прыроду, насельніцтва, выдатных дзеячаў, эканоміку, навуку, асвету, культуру, мастацтва, літаратуру, змяшчаюцца каляровыя і чорна-белыя фотаздымкі, малюнкі, рэпрадукцыі, карты, схемы. У энцыклапедыях апісваюцца прадметы, з'явы, якія абазначаюцца словамі; гэта звычайна назоўнікі (агульныя і ўласныя, часткова тэрміны). Энцыклапедыі як слоўнікі даведачнага характару бываюць аднатомныя і шматтомныя, усеагульныя і галіновыя; словы ў іх размяшчаюцца ў алфавітным ці тэматычным парадку. У с е а гу ль н ы я энцыклапедыі даюць абагуленыя звесткі па ўсіх галінах ведаў і дзейнасці чалавецтва: «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» ў 12-ці тамах (скарочана БелСЭ, 1969-1975), «Беларуская ССР. Кароткая энцыклапедыя» (1978-1981) у 5-ці тамах, «Беларуская Энцыклапедыя» ў 18-ці тамах (скарочана БелЭн, 1996-1997…, т. 1-5…). Галіновыя энцыклапедыі – гэта адмысловыя даведнікі па асобных галінах навукі, тэхнікі, літаратуры, мовы, мастацтва і інш.: «Энцыклапедыя прыроды Беларусі» (1983-1986) у 5-ці тамах, «Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі» (1984-1987) у 5-ці тамах, «Этнаграфія Беларусі» (1989), «Архітэктура Беларусі» (1993), «Археалогія і нумізматыка Беларусі» (1993), «Беларуская мова» (1994), «Энцыклапедыя гісторыі Беларусі» ў 6-ці тамах (скарочана ЭГБ, 1993-1997…, т. 1-4…); выдадзены энцыклапедычныя даведнікі «Янка Купала» (1986), «Францыск Скарына і яго час» (1988), «Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік» (1992-1995) у б-ці тамах, «Мысліцелі і асветнікі Беларусі X-XIX ст.» (1995).
Лінгвістычныя (лац. lingua – мова) слоўнікі апісваюць значэнні слоў, іх ужыванне, напісанне, вымаўленне, утварэнне, паходжанне. Тут усе словы падаюцца ў алфавітным парадку, пры іх ёсць граматычныя і стылістычныя паметы. Каб паказаць адрозненне лінгвістычных слоўнікаў ад энцыклапедычных, параўнаем слоўнікавыя артыкулы на тое самае слова з БелСЭ (т. 2) і школьнага «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы».
ВАГА, сіла, з якой цела ў выніку зямнога прыцяжэння дзейнічае на апору (ці падвес), што ўтрымлівае цела ад свабоднага падзення. B. прапарцыянальная масе цела і роўная сіле цяжару, калі цела і апора не рухаюцца адносна Зямлі. Мяняецца ў залежнасці ад становішча яго на зямной паверхні: В. цела прыкладна на 0,5% большая на полюсах, чым на экватары, што абумоўлена сціснутасцю і вярчэннем Зямлі. Гл. таксама Бязважкасць (БелСЭ, т. 2).
ВАГА, -і, дав., месн. - вазе, ж. 1. Цяжар прадмета, цела, вызначаны якой-небудзь мерай. Вызначыць вагу тавару. Рыбіна вагой з кілаграм. 2. перан. Уплыў, аўтарытэт. Мець вагу ў грамадстве. На вагу золата - высока цаніцца. Удзельнаявага - а) адносіны вагі цела пры тэмпературы 0 °С да вагі роўнага аб'ёму вады пры тэмпературы 4 "С; б) колькасць, роля, значэнне каго-,чаго-, дзе-, учым-н. Павелічэнне ўдзельнай вагі прамысловасці ў народнай гаспадарцы. (ТСБМ).
Лінгвістычныя слоўнікі бываюць аднамоўныя, двухмоўныя і шматмоўныя. Двухмоўныя і шматмоўныя лічацца перакладным і слоўнікамі, бо ў іх словы адной мовы тлумачацца, перакладаюцца словамі іншай ці іншых моў. Для перакладу выкарыстоўваюцца акадэмічныя «Руска-беларускі слоўнік» у 3-х тамах, скарочана РБС (6-е выд., 1995), «Беларуска-рускі слоўнік» у 2-х тамах, скарочана БРС (2-е выд., 1988-1989), «Падручны беларуска-польскі слоўнік» (1929) Б. Друцкага-Падбярэскага, «Падручны польскабеларускі слоўнік» (1962, скарочана ППБС), «Польска-беларускі слоўнік» (1932), «Яўрэйска-беларускі слоўнік» (1932), «Украінска-беларускі слоўнік» В. П. Лемцюговай (1980, скарочана УБС), «Класічны грэцка-беларускі слоўнік» у 2-х ч. (1983, 1985), «Ангельска-беларускі слоўнік. Беларуска-ангельскі слоўнік» (1993) Яна Пятроўскага, «Англа-беларуска-рускі слоўнік» (1989, скарочана АБРС), «Кішэнны англа-беларуска-рускі слоўнік» (1995), «Нямецка-беларуска-рускі слоўнік» (1988, скарочана НБРС), «Французска-беларуска-рускі слоўнік» (1992), а таксама школьныя «Белорусско-русский словарь» для сярэдняй школы (4-е выд., 1993) і «Русско-белорусский словарь» для сярэдняй школы (1990) С. М. Грабчыкава, «Беларуска-рускі слоўнік» для пачатковых класаў (3-е выд., 1994).
У аднамоўных слоўніках падаюцца або растлумачваюцца словы адной мовы словамі той самай мовы. Сярод аднамоўных слоўнікаў вылучаюцца тлумачальныя, дыялектныя, гістарычныя, этымалагічныя, тэрміналагічныя, фразеалагічныя, арфаграфічныя, марфемныя, анамастычныя, слоўнікі сінонімаў, слоўнікі мовы пісьменнікаў і інш.
У тлумачальных слоўніках раскрываюцца значэнні слоў шляхам кароткага апісання або з дапамогай сінонімаў, прыводзяцца ілюстрацыйныя прыклады (словазлучэнні або сказы на адпаведнае значэнне слова) у кантэксце. Акрамя гэтага, у тлумачальных слоўніках адначасова ўказваюцца месца націску ў слове, яго граматычныя ўласцівасці, асаблівасці правапісу, стылістычная прыналежнасць, тэрміналагічныя і фразеалагічныя спалучэнні, а часам і паходжанне запазычанага слова, як, напрыклад, у акадэмічным пяцітомным «Тлумачальным слоўніку беларускай мовы» пад рэдакцыяй К. Крапівы (1977-1983), «Тлумачальным слоўніку беларускай мовы» для сярэдняй школы А. Я. Баханькова, I. М. Гайдукевіча, П. П. Шубы (5-е выд., 1996), «Тлумачальным слоўніку беларускай літаратурнай мовы» (1996).
Як разнавіднасць тлумачальных слоўнікаў дыялектныя (абласныя) слоўнікі змяшчаюць і растлумачваюць дыялектную лексіку, запісаную ў пэўнай гаворцы, у якой-небудзь мясцовасці Беларусі ці яе паграніччы. Ужо надрукавана каля дваццаці беларускіх дыялектных слоўнікаў.
Гістарычныя слоўнікі тлумачаць лексіку мінулых эпох, напрыклад «Гістарычны слоўнік беларускай мовы». Этымалагічныя слоўнікі вызначаюць паходжанне слоў, іх пачатковае значэнне і наступныя змены, напрыклад «Этымалагічны слоўнік беларускай мовы».
У слоўніках і н ш а м о ў н ы х слоў адзначаюцца запазычаныя словы з чужых моў, падаецца напісанне кожнага такога слова са значэннямі як у мове-першакрыніцы ці мове-перадатчыцы, так і ў сучаснай беларускай мове («Слоўнік іншамоўных слоў» А. М. Булыкі (1993)).
У тэрміналагічных слоўніках тлумачацца тэрміны з пэўных галін навукі і тэхнікі («Слоўнік лінгвістычных тэрмінаў» П. Сцяцко, М. Гуліцкага і Л. Антанюк (1990), «Слоўнік літаратуразнаўчых тэрмінаў» М. Лазарука і А. Ленсу (2-е выд., 1996), «Слоўнік музычных тэрмінаў» В. Антаневіч (1994), «Слоўнік педагагічных тэрмінаў» С. Кацэвіч (1993); выдадзены таксама дзесяткі руска-беларускіх слоўнікаў па грамадска-палітычнай і іншай навукова-тэхнічнай тэрміналогіі [1, с. 103–109].
Тыпалогія слоўнікаў прадстаўлена на схеме: